Касцёл святога Роха

Ці здагадаліся вы, што на гэтым здымку? Так яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя выглядаў будынак касцёла ў Аборку. Будынак касцёла ўзведзены ў 1773 годзе князем Францішкам Агінскім – дзядзькам славутага кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага. Касцёл з’яўляўся помнікам народнага драўлянага дойлідства з элементамі барока. Касцёл быў вельмі прыгожы, двухвежавы, прамавугольны ў плане, з пяціграннай апсідай і бакавымі прыбудовамі. Нартэкс, над якім размяшчаліся хоры, фланкіравалі дзве капліцы: святога Роха і святога Тадэвуша. У ХІХ стагоддзі тэрыторыю касцёла абнеслі бутавай агароджай з трохпралётнай брамай з чырвонай цэглы і бутавым абрамленнем. Да нашага часу захавалася толькі касцёльная брама і некалькі цікавых шляхецкіх надмагілляў ХІХ стагоддзя.

 

За апсідай касцёла над склепамі роду Дадэркаў у 1880-ыя гады быў узведзены каменны склеп. Дадэркі сталі ўладальнікамі Аборка ў 1794 годзе, з гэтага роду паходзіў першы біскуп Мінскай дыяцэзіі Якуб Дадэрка.